Sympa Школа маладых менеджэраў публічнага адміністравання

Новыя рашэнні для дзяржаўнага кіравання

11.04.2013

10 красавіка даследчы праект BIPART правёў прэзентацыю дзвюх аналітычных прац, прысвечаных актуальным у Беларусі праблемам публічнага адміністравання: "Гандлёвыя сеткі: сучасны сэрвіс або манапалізацыя розніцы?" і "Электронны ўрад у Беларусі: інфраструктура створана - што далей?"

Першая праца звяртаецца да тэмы, якая апошнім часам шмат абмяркоўваецца дзяржаўнымі службоўцамі, прадпрымальнікамі і звычайнымі грамадзянамі. Ці павінна дзяржава абараняць прадпрымальнікаў, якія прайграюць у канкурэнцыі буйным гандлёвым сеткам? Як адрозніць канкурэнтныя перавагі ад манапалізацыі рынку? Прэзентацыя выклікала ажыўленую дыскусію, у ходзе якой былі закранутыя такія тэмы, як невысокая прывабнасць беларускага рынку для замежных гандлёвых сетак і непразрыстасць размеркавання надзелаў для будаўніцтва гіпермаркетаў у буйных гарадах.

Па словах аднаго з аўтараў працы, эксперта BIPART Уладзіміра Кавалкіна, "галоўнай задачай дзяржавы ў сферы рознічнага гандлю павінна стаць абарона канкурэнцыі пры ўмове захавання роўных магчымасцяў для ўсіх форм прадпрымальніцтва. Гэта, на нашу думку, у большай ступені адпавядае інтарэсам усяго грамадства."

Мэтай другой працы, прадстаўленай экспертамі BIPART Марынай Сакаловай і Дзмітрыем Маркушэўскім, з'яўляецца актывізацыя дыскусіі наконт распрацоўкі праектаў электроннага ўрада у Беларусі. На думку аўтараў працы, галоўная задача зараз - гэта палепшыць камунікацыю паміж замоўцам тэхнічных вырашэнняў, тэхнічнымі спецыялістамі і тымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, якім будзе патрэбна карыстацца гэтымі сістэмамі. Пры гэтым вядучую ролю ў стратэгічным планаванні павінны граць кіраўнікі ведамств, органаў выканаўчай улады, а не IT-спецыялісты.

Па словах Дзмітрыя Маркушэўскага, "у прамоцыі ідэі электроннага ўрада галоўнае - не ставіць воз папярод каня. Вырашальнае слова павінна быць за людзьмі ў канкрэтных арганізацыях, якія будуць выкарыстоўваць гэтыя напрацоўкі. Тэхнічныя вырашэнні павінны спрашчаць працу арганізацыі, а не ўскладняць яе".

У ходзе дыскусіі былі выказаны меркаванні аб адсутнасці дакладнай стратэгіі ўкаранення тэхналогій электронай дзяржавы, якая замяняецца кароткатэрміновымі тактычнымі праектамі і з'яўленнем у дзяржаўных органах "заапарка" розных тэхнічных вырашэнняў рознай ступені завершанасці.

Напрыканцы прэзентацый Іна Рамашэўская, каардынатар даследаваняў BIPART, адзначыла, што эксперты праекту зараз даследуюць яшчэ некалькі цікавых тэм, звязаных як з актуальнымі праблемамі, так і з агульнымі падыходамі да сучаснага публічнага адміністравання. Чакаецца, што прэзентацыя даследаванняў будзе праводзіцца кожны месяц.

BIRART з'яўляецца даследчым праектам Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністравання (SYMPA). Яго мэта - прамоцыя рэформы публічнага адміністравання ў Беларусі і павышэнне яго эфектыўнасці.