Sympa Школа молодых менеджеров публичного администрирования

Падтрымліваем рэпутацыю

18.04.2013

Беларуская каманда Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (SYMPA) правяла заключнае хатняе мерапрыемства для бягучага набору слухачоў – семінар-трэнінг па прамоцыі пазітыўнай рэпутацыі дзяржаўных устаноў і навыкам камунікацыі са СМІ.

Не сакрэт, што падтрымка рэпутацыі арганізацыі альбо канкрэтнай асобы (ці гэта чыноўнік, грамадска-палітычны дзеяч або прадпрымальнік) з'яўляецца вельмі важнай задачай, і ў апошні час заўважна ўзмацніўся інтарэс да навучальных мерапрыемстваў ў галіне PR і іміджмэйкінгу. Асабліва выразна дадзеная тэндэнцыя праяўляецца сярод прадстаўнікоў сярэдняга і буйнога бізнэсу, а таксама дзяржаўных ведамстваў. Яскравы таму прыклад бурнае абмеркаванне сярод грамадскасці прадстаўленага праекту прамоцыі брэнду Мінска.

Перад слухачамі Школы выступілі дырэктар репутацыйнага агенцтва "Шаги к успеху" Марына Рошчына і палітычны аглядальнік газеты "Белорусы и рынок", медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі. Семінар быў прысвечаны кіраванню рэпутацыяй (на прыкладзе дзяржаўнай установы) і тэхналогіям працы са сродкамі масавай інфармацыі.

Такім чынам, удзельнікі IV набору Школы завершылі прахаджэнне навучальнай праграмы, падрыхтаванай беларускай камандай SYMPA, у якую ўвайшло вывучэнне тэорыі і практыкі публічнага адміністравання ў Беларусі і – на выяздных сесіях – у Літве і Грузіі, а таксама пытанні з сумежных сфераў: эканомікі, паліталогіі, права і г.д. Удзельнікі, якія паспяхова завершылі праграму, атрымліваюць сертыфікаты SYMPA.

Дваццаць слухачоў Школы з лепшай паспяховасцю ў траўні прымуць удзел у сесіі ў Стакгольме, якую арганізуюць нашы партнёры са Шведскага інстытута дзяржаўнага кіравання (SIPU International), я якая прысвечана кіраванню грамадскімі фінансамі. Па завяршэнні сесіі ўдзельнікі атрымаюць сумесныя сертыфікаты SYMPA і SIPU International. 

Адміністрацыя Школы ўдзячная ўсім слухачам за цікаўнасць да праграмы і актыўны ўдзел і жадае ім прафесійных поспехаў.